Коктейль

Беларуска стала італьянскай кіназоркай і адкрыта выступае супраць дыктатуры Лукашэнкі

У сярэдзіне студзеня па адным з галоўных тэлеканалаў Італіі RAI3 паказалі мюзікл «Краіна мараў». Галоўная гераіня — італьянская імігрантка ў ЗША Эва, якая зарабляе мыцьцём посуду ў папулярным клюбе і марыць стаць сьпявачкай. Яе ролю выканала беларуска Кацярына Шульга, якая ледзь не літаральна прайшла шлях сваёй гераіні і стала самай вядомай беларускай у Італіі, піша Радыё Свабода.

Кацярына Шульга. Вэнэцыянскі кінафэстываль, 2017 год

Калі 12-гадовая дзяўчынка эмігравала з Горадні ў Рым у 2005 годзе, то ведала на італьянскай толькі два выразы «Прывітаньне» і «Дзе туалет?». Цяпер Кацярыне Шульзе 32. Яна мае за сабой кар’еру італьянскай мадэлі, грала ў тэатры, зьнялася ў дзясятках фільмаў і сэрыялаў. Некалькі гадоў таму яна зьняла ўласны фільм пра Беларусь і стала адной з самых заўважных адвакатак сваёй радзімы ў Італіі.

Кацярына нарадзілася ў Горадні ў сям’і настаўніцы і міліцыянта. Аднак бацькі пазьней разьвяліся. Яе дзяцінства праходзіла ў раёне Дзевятоўка. Калі дзяўчынцы было 10 год, мама вырашыла зьехаць у Італію ў пошуках лепшага жыцьця. Спачатку паехала сама, на «выведку». Кацю гадавалі бабуля зь дзядулем. Праз два гады мама забрала дачку ў Остыю, пад Рымам.

Дарэчы, мама Кацярыны — дзяячка беларускай дыяспары ў Італіі Вольга Сурынава. Падчас пратэстаў у Беларусі і пасьля іх яна ладзіла акцыі салідарнасьці ў Рыме. А 2024 годзе яна стала кандыдаткай на выбарах у Эўрапарлямэнт ад італьянскай партыі Più Europa.

«Удзельнічаю ў кампаніі ад імя беларусаў, якія змагаюцца за дэмакратыю», — казала тады Вольга Сурынава. Тэму Беларусі яна актыўна прасоўвала падчас выбарчай кампаніі. За яе аддалі галасы больш за тысячу выбарнікаў, але гэтага не хапіла, каб атрымаць мандат эўрадэпутаткі.

У першыя гады эміграцыі Кацярына Шульга жыла ў Остыі, пад Рымам. Гэта мястэчка на беразе Міжземнага мора. Там яна пайшла ў італьянскую школу.

«Я размаўляла па-француску, але не па-італьянску, таму ў школе на мяне глядзелі звысоку. Гэта былі 2000-я, у модзе былі джынсы з адкрытай бялізнай, а я насіла зашпіленую блюзку, як у Беларусі, і думала пра сябе: як я магу жыць у гэтай краіне, калі я нават ня ведаю, як рэзаць піцу?» — расказвала некалькі гадоў таму Шульга італьянскаму выданьню Oggi.

Але разгубленасьць не трывала доўга. Яшчэ падчас вучобы ў школе, калі ёй было 15 год, дзяўчына пачала супрацоўнічаць з мадэльнымі агенцтвамі. Два дні ў месяц яна здымалася ў Рыме для рэклямы і часопісаў моды. Зарабляла каля 800 эўра і ня мусіла прасіць грошы ў мамы.

Прыгода з кіно пачалася зусім выпадкова. Кацярына прыйшла на кастынг моднага часопіса. У суседнім пакоі адбываўся кастынг на ролю ў сэрыяле. Шукалі бляндынку з доўгімі валасамі.

«Я сядзела ў чарзе ў свой пакой. Побач праходзіла жанчына і прапанавала зайсьці да іх. Мне далі сцэнар, я яго прачытала і адразу пачула, што я пасую. Але я да гэтага ніколі не грала, мне было ўсяго 16 год. Я мусіла граць вучаніцу ліцэя.

Мяне спыталі, ці ўмею я езьдзіць на матацыкле, бо гэта трэба для сцэны. Я як сумленная беларуска адказала, што так, мы ж усё ўмеем. Здымкі прызначылі праз 10 дзён і я адразу пайшла на ўрокі язды на матацыкле. Але калі прыйшла на працу, то не змагла затармазіць, мяне даводзілася даганяць.

Але пасьля гэтага ўсё пайшло добра. Рэжысэры мяне пазнавалі і запрашалі на іншыя здымкі», — расказвала Кацярына ў інтэрвію.

Кацярыну запрашалі здымацца ня толькі ў кіно, але і ў музычных кліпах. Адной з самых пасьпяховых была супраца са сьпеваком Фрачэска Рэнгі. Кліп на Ютубе сабраў 46 мільёнаў праглядаў.

Пасьпяховым быў таксама кліп мілянскіх рэпэраў з гурту Club Dogo.

У 2013 годзе Шульга атрымала прэмію «Найлепшая акторка-пачаткоўка» ў рамках фэстывалю незалежнага аўтарскага кіно ў Апуліі. Празь 10 год беларуску запрасілі ўжо ў прафэсійнае журы гэтага фэсту.

Пяць год таму яна зьнялася ў псыхалягічным трылеры «Чалавек у лябірынце» разам з Дасьцінам Гофманам і італьянцам Тоні Сэрвіла, улюбёнцам рэжысэра Паола Сарэнціна, які граў у «Вялікай прыгажосьці». Роляй мары Шульга называе дзяўчыну Джэймса Бонда.

Акторства зьвяло Шульгу з будучым мужам, кінапрадусарам Марка Бэлярдзі. У Беларусі многія могуць ведаць ягоны фільм «Ідэальныя незнаёмцы». Гэта камэдыя пра семярых сяброў, якія зьбіраюцца на вячэру і пачынаюць гульню: зачытваюць услых усе SMS і паведамленьні ў сацыяльных сетках, а званкі ставіць на гучную сувязь. Шульга часта падкрэсьлівае, што муж ня меў ніякага ўплыву на яе кар’еру. Першыя восем год яна не здымалася ў фільмах, якія прадусаваў яе муж. Апошні, да якога меў дачыненьне яе муж, гэта акурат кінамюзікл «Краіна мараў».

У Кацярыны і Марка трое дзяцей: сын Лярэнца, і блізьняткі Ніна і Футура. Лярэнца пасьпеў ня раз пабываць у Беларусі, а дочкі нарадзіліся ў 2020 годзе. Пасьля самых буйных у гісторыі Беларусі пратэстаў Кацярына Шульга ня можа паехаць у Беларусь. Яна кажа, што паказаць сваім дочкам Беларусь - гэта адна зь яе найвялікшых мараў.

Яна часта падкрэсьлівае сваю беларускасьць, у інтэрвію расказвае пра дыктатуру Лукашэнкі, а ў сацыяльных сетках дзеліцца інфармацыяй пра падзеі ў Беларусі.

Калі ў адным з інтэрвію яе спыталі пра падабенствы і адрозьненьні беларусаў і італьянцаў, Шульга сказала: «Для мяне яны вельмі падобныя. Магчыма, беларусы спачатку больш насьцярожаныя – з павагі і праз ветлівасьць, але потым і беларусы, і італьянцы ўмеюць вельмі моцна давяраць».

У 2021 годзе, калі Святлана Ціханоўская была зь візытам у Рыме, яна сустрэлася з Кацярынай Шульгой.

Сьвятлана Ціханоўская і Кацярына Шульга. Рым, 2021 год

Праз год беларуска зьняла дакумэнтальны фільм «Insultati. Bielorussia» паводле п’есы Андрэя Курэйчыка.

Спачатку Кацярына хацела паставіць п’есу ў тэатры, але гэта было ў часы пандэміі ковіду. Было складана знайсьці актораў і сабраць іх разам у Рыме. Фільм аказаўся ў той час адзінай магчымасьцю. Шульзе ўдалося сабраць вядомых актораў. Па яе словах, яны «ні на хвіліну не вагаліся» і адразу пагадзіліся зьняцца ў фільме.

Плякат фільма «Insulati. Belorussia»

«Для мяне неверагодна важна працягваць інфармаваць звычайных людзей пра сапраўдную гісторыю беларускага народа», – сказала Кацярына ў інтэрвію.

Тэксты ў фільме чытаюць тытуляваная італьянскія акторы Лука Арджэнтэра, Амбра Анджаліні, Стэфана Фрэзі. Прэм’ера фільму адбылася на Трыесцкім кінафэстывалі. Яго таксама паказвалі ў італьянскім парлямэнце.

У інтэрвію Шульга падкрэсьлівае, што «Мая Беларусь – гэта не краіна Лукашэнкі і што «Лукашэнка не прадстаўляе беларускі народ, бо яго ніколі не абіралі».

У 2024 годзе ў рымскім Teatro Golden адбылася прэм'ера спэктакля «Insultati. Bielorussia», дзе Шульга была і рэжысэркай, і акторкай. У гэтай пастаноўцы яна расказала і пра свайго стрыечнага брата Мішу і прысьвяціла прэм'еру яму.

Міхась Шавельскі быў беларускім добраахвотнікам ва Ўкраіне, парамэдыкам у беларускім батальёне «Тэрор». Ён загінуў 11 кастрычніка 2022 года падчас баёў у Херсонскай вобласьці, між вёскамі Безыменнае і Шчасьлівае. Хлопцу быў 21 год. У інтэрвію Шульга расказвала, што гулялася зь ім, калі яны былі дзецьмі. У сваім Інстаграме яна выставіла здымак, на якім трымае брата на руках. (Перагарніце здымак на апошні).

«Ён вучыўся на філязофскім факультэце, быў вельмі разумны. Я ведаю шмат людзей, якія пакідаюць Беларусь і едуць ваяваць ва Ўкраіну. Беларускі народ з Украінай, а ня супраць яе», – сказала Кацярына ў адным з інтэрвію.

Мілянская газэта Corriere della Sera пісала ў 2016 годзе, што біяграфія Кацярыны Шульгі выглядае «як сцэнар фікшн-сэрыялу». Яна пабудавала новае жыцьцё з нуля – бяз мовы, сувязяў і гарантый. У чужой краіне зь цяжкой адаптацыяй, яна паступова ўвайшла ў сьвет італьянскага кіно і тэлебачаньня, дзякуючы ўласнай настойлівасьці.

Выданьне падало Шульгу як прыклад пакаленьня маладых мігрантаў, для якіх Італія стала домам, але мінулае – важнай часткай ідэнтычнасьці. У матэрыяле акцэнтуецца, што Кацярына не адмовілася ад свайго паходжаньня і не спрабавала «растварыцца» ў італьянскай рэальнасьці, а наадварот – прынесла з сабой іншасьць, якая стала яе адметнасьцю як акторкі.