Галіна Дзербыш, якой далі 20 гадоў па «справе Аўтуховіча»: «Статкевіч сказаў, што прыгажосьць нічым не змарнуеш»
Галіну Дзербыш абвінавацілі ў «спробе захапіць уладу» ў Беларусі і асудзілі на 20 гадоў калёніі. Яна расказала Свабодзе, як пагаварыла ў аўтобусе зь Міколам Статкевічам, як трапіла ў справу «аб захопе ўлады» ў краіне і як рыхтавалася памерці ў турме.
Галіна Дзербыш з вёскі Абухава пад Горадняй. Ёй 64 гады. Пабудавалі з мужам свой дом. Ёсьць дзеці, унукі. Галіна ўсё жыцьцё працавала бухгальтаркай у калгасе. У сьнежні 2020 году яе затрымалі і абвінавацілі ва «ўдзеле ў злачыннай арганізацыі», «акце тэрарызму», «замаху з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».
Вынік суду — 20 гадоў зьняволеньня. 11 верасьня сёлета Галіну і яшчэ 51 вязьня з-за кратаў даставілі да літоўскай мяжы ў выніку перамоваў уладаў Беларусі з прадстаўнікамі адміністрацыі ЗША. Цяпер яна ў эўрапейскай краіне, бяз пашпарта на руках.
«Стала „ворагам народу“. Праз мае рукі столькі грошай прайшло. Я ні разу нічога ня скрала — ні ў людзей, ні ў дзяржавы», — кажа Галіна.
У пасёлку яе называлі «маці Тарэзай». Яна дапамагала людзям вырашаць пытаньні, ратавала бадзяжных катоў і сабак. З 2010 году была назіральніцай на выбарах. Пасьля аўтамабільнай аварыі ў пачатку 2000-х ёй далі другую групу інваліднасьці.
Падставай для затрыманьня ў 2020 годзе стала тое, што яна пусьціла трох чалавек пераначаваць. Яна прызнаецца, што рыхтавалася памерці ў турме. Пэнсіянэрка правяла за кратамі амаль пяць гадоў.
Чорнае адзеньне і памада
«З рэчаў у мяне было: двое чорных штаноў, дзьве чорныя майкі з доўгім рукавом, дзьве чорныя майкі з кароткім рукавом, чорны швэдар-байка, боты гумовыя, чаравікі чорныя і басаножкі чорныя. Крэм дарагушчы, дзьве бляшанкі, забралі ў СІЗА КДБ пры ператрусе», — пералічвае Галіна рэчы, зь якімі яе вывезьлі за мяжу.
Таксама ў яе засталіся сродкі гігіены з калёніі. Падчас размовы яна дастае памаду і падфарбоўвае вусны. Успамінае, як штодня ў калёніі фарбавала алоўкам сабе бровы — «каб не апусьціцца».
Суразмоўца кажа, што ў яе забралі ўсе паперы, у тым ліку ў крымінальнай справе. Галіна паказвае даведку, якую выдалі замест пашпарта, на аркушы паперы А4, якая дзейнічае менш за месяц, да 4 кастрычніка.
«Я яшчэ ня веру, што я на волі. Я яшчэ не магу дайсьці сама да сябе», — апісвае Галіна свой стан празь некалькі дзён пасьля вызваленьня.
Яна шматкроць перапрашае, што ёй цяжка размаўляць, бо ў калёніі не было з кім, і яна амаль развучылася. Гаворыць па-беларуску, гучна, бяз доўгіх паўзаў. Часам сумняваецца ў некаторых словах, як «балаклава» або «структура».
«Я ведаю, што гэта стол, але ня ведаю, як вымавіць гэтае слова», — тлумачыць яна.
Побач зь Міколам Статкевічам да мяжы
Увечары 10 верасьня ў калёніі яе выклікалі на дагляд з усімі рэчамі, — расказвае Галіна Дзербыш. Сказалі, што пераводзяць у іншы атрад. Надзелі мэдычную маску на вочы, кайданкі і некуды павезьлі. Раней яна пісала прашэньне аб памілаваньні.
«Тут хатай і ня пахне. Думала, мо ў СІЗА КДБ. Калі на расстрэл, то яшчэ лепей», — дзеліцца яна тым, як думкі зьмянялі адна адну, калі яе без тлумачэньняў кудысьці вывозілі.
Яе прывезьлі ў нейкі будынак і далі падпісаць паперы.
«Я прачытала: „СІЗА КДБ“. У мяне адразу ўсё ўпала. Я падумала, гэта мой апошні прытулак. Думала, мяне на расстрэл прывезьлі, мяне тут зьнішчаць, можа, не адразу, а паступова закатуюць», — успамінае яна.
Яе зьмясьцілі ў камэру зь сьценамі і падлогай, абабітымі дэрматынам.
«Мусіць, камэра там, дзе катаваньні. Там, як сабаку, кінулі матрац, сказалі: „Сьцяліся“. Ні вакенца не было, нічога», — расказвае яна.
На наступны дзень яе зноў кудысьці павезьлі. Прыехалі да кар’еру, дзе стаялі аўтобусы. Галіна села ў аўтобусе каля вакна, перад сярэднімі дзьвярыма. Побач зь ёю сеў Мікола Статкевіч. Раней яны былі знаёмыя. Той прыяжджаў да яе ў госьці, яна яго карміла блінамі. Яны пазналі адно аднаго, абняліся.
«Відаць, што ў чалавека нездаровая ацёчнасьць, што чалавек хворы. Увесь час сядзеў, пульс лічыў і закрываў майкай грудзі. Можа, яму халадно было ці баяўся, каб не застудзіцца», — апісвае Статкевіча суразмоўца.
Яна кажа, што ўсю дарогу, пакуль ехалі да мяжы, паціху перагаворваліся зь ім, хоць за імі сачыў сілавік.
«Казаў, што яго паважаюць у калёніі. Апавядаў, што яго прасілі тыя, хто там сядзяць, хлопцы, каб ён лекцыі чытаў», — пераказвае гутарку зь Міколам Статкевічам былая палітзьняволеная.
Галіна перажывала, што два дні падчас гэтага этапу яна не магла расчасаць валасы, бо ў яе забралі грэбень.
Яна папытала ў Статкевіча, ці не тырчаць валасы. З усьмешкай узгадвае ягоны адказ: «Прыгажосьць нічым не змарнуеш».
Былая зьняволеная кажа, што Статкевіч першым здагадаўся, што іх вязуць на мяжу, па знаках з назвамі паселішчаў, якія яны міналі. Ён сказаў ёй, што не паедзе зь Беларусі.
«Гавару: „Дык яны закатуюць вас“. Кажа: „Ну і што? Я не паеду! Чаму я павінен пакідаць Беларусь. Я буду бунтаваць! Нічога не пераменіцца. Я за мяжу не паеду. На якой падставе я паеду туды?“. Я яго ўгаворвала, каб ён паехаў з намі. Ён: „Не, я яшчэ паваюю!“», — пераказвае яна гутарку.
Калі аўтобусы з вызваленымі заехалі на нэўтральную паласу, кадэбісты, якія ехалі разам зь імі, выйшлі, расказвае суразмоўца.
«Яны выскачылі. Тут жа зачыніліся дзьверы, і аўтобус пайшоў далей. Тут Коля выбег: „Адчыні дзьверы!“ Шафёр не хацеў адчыняць. Мікола стаў стукаць у дзьверы, кажа: „Зараз шкло выб’ю ў аўтобусе“. Стаў стукаць у шкло. І тады той адчыніў дзьверы. І Мікола пайшоў. І мы яго больш ня бачылі. Толькі Мікола выйшаў, той па газах, і мы паехалі», — расказвае Дзербыш, як Статкевіч адмовіўся ад прымусовага вывазу за мяжу.
Галіна дадае, што ўжо ў Вільню паехалі пакеты Статкевіча. Адна з торбаў з рэчамі, другая — зь лекамі.
«Я дагэтуль ня ведаю, што я рабіла, каб захапіць уладу»
«Я ніколі на яго не забудуся», — кажа Дзербыш пра дзень свайго затрыманьня.
Па яе прыйшлі дадому ў Абухава 10 сьнежня. Яна ўвечары папіла гарбату і зьбіралася на вуліцу карміць жывёлу. У дзьверы пагрукалі. Гэта былі людзі ў цывільным.
«Адчыняю дзьверы, і пяць ці шэсьць чалавек у хату завальваюцца. Адразу рукі заламалі», — успамінае суразмоўца.
Зь ейных словаў, яе павезьлі ў аддзел Камітэту дзяржаўнай бясьпекі ў Горадні. Чаму яе затрымалі, не казалі. На допыце яна зразумела, што стала для гэтага падставай. Яна менш за месяц да таго пусьціла ў свой дом на начлег Міколу Аўтуховіча разам з двума паплечнікамі. Сярод іх быў Павал Сава, які пазьней таксама стаў фігурантам «справы Аўтуховіча».
«Аўтуховіч пазваніў. Пытаецца: „Я буду ў Горадні ў справах. Ці можна ў вас пераначаваць?“ Я кажу: „Ну добра“. Думала, не праблема, хата вялікая, месца хопіць», — успамінае яна.
У той вечар, кажа Галіна, яны ўпершыню пабачыліся з Аўтуховічам ужывую. Да гэтага сябравалі ў фэйсбуку. Той публікаваў допісы пра «афганцаў», Дзербыш іх камэнтавала. Кажа, што паважае «афганцаў». Тады ў яе ў гасьцях яны, зь ейных словаў, не абмяркоўвалі плянаў захопу ўлады ці нечага падобнага.
Сярод закідаў групе людзей з «справы Аўтуховіча» быў падпал некалькіх машын і дамоў сілавікоў у Горадні і Ваўкавыску. Адным з доказаў віны Галіны Дзербыш стала квітанцыя з аўтазапраўкі пад Ваўкавыскам, дзе яна запраўляла аўтамабіль у верасьні, за два месяцы да затрыманьня.
Галіна тлумачыць, што ў іх тады памерла каўкаская аўчарка. Яны знайшлі шчанё гэтай жа пароды ў Камянецкім раёне Берасьцейскай вобласьці і езьдзілі па яго ў вёску. Па дарозе заехалі заправіцца каля Ваўкавыску. Квітанцыю пры ператрусе знайшлі ў сьметніцы. Яна не разумее, чаму гэта далучылі да крымінальнай справы.
«Як гэта чалавек у 60 гадоў, пэнсіянэр, інвалід другой групы, ня меўшы нічога, стаў тэрарыстам, бяз доказаў?.. Калі б я такую здраду зрабіла, то я б не чакала, не сядзела дваццаць дзён. Меўшы пашпарт, грамадзянства польскае, я б паехала» — заўважае палітзьняволеная.
Кажа, што сьледчы ёй прапаноўваў абылгаць Аўтуховіча. Узамен абяцаў перакваліфікаваць справу ў «хуліганства», за якое ёй далі б лягчэйшае пакараньне. Яна адмовілася.
У справе было прыкладна 200 тамоў.
«Дагэтуль ня ведаю, што рабіла я, каб захапіць уладу неканстытуцыйным шляхам», — усьміхаецца Галіна.
Яна думае, што яе пасадзілі дзеля прэміяў і кар’еры. «Ім трэба было пасадзіць. І патрэбная была сэнсацыя. Падаюць зорачкі ім на пагоны. Ім пляваць на ўсіх людзей», — мяркуе яна.
Суразмоўца кажа, што першым часам пасьля затрыманьня была ў шоку.
«Першыя два дні мне есьці не давалі. Не давалі парашкоў (лекаў, якія трэба рэгулярна прымаць. — РС). Я траціла прытомнасьць, а яны мяне цягнулі на допыты», — кажа яна.
Галіна сядзела ў СІЗА КДБ, якое знаходзіцца на тэрыторыі горадзенскай турмы. У траўні 2021 году яе пасадзілі ў турэмную адзіночную камэру на 14 месяцаў. Суразмоўца тлумачыць, што для яе ў «адзіночцы» было лепш, чым сядзець у камэры, дзе шмат кураць.
Хацела адмовіцца ад беларускага грамадзянства
Увосень 2021 году стала вядома, што Галіна Дзербыш хоча з турмы адмовіцца ад беларускага грамадзянства. У размове з Свабодай Дзербыш кажа, што польскае грамадзянства мела даўно праз польскія карані. Ейныя сваякі жывуць у Польшчы. Яна сама да затрыманьня не плянавала зьяжджаць за мяжу. «Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся», — кажа яна.
Дзербыш кажа, што тройчы падавала заявы і хадайніцтва ў судзе, каб адмовіцца ад беларускага грамадзянства. Зь ейных словаў, гэта быў прынцыповы жэст, але ёй не ўдалося давесьці працэдуру да канца.
Яна спрабавала паказаць, што ня хоча быць грамадзянскай краіны, «дзе людзей ні за што абвінавачваюць і садзяць у турмы».
«Навошта мне грамадзянства той краіны, якая сваіх грамадзянаў не шануе, а топіць?», — пытаецца яна.
«Я б не дасядзела з маім станам здароўя»
«Дваццаць гадоў у плечы», — кажа пра свой прысуд Галіна Дзербыш.
Іншым фігурантам іхнай справы далі да 25 гадоў калёніі. Санкцыі іхных артыкулаў дапускалі нават расстрэл. Але жанчын у Беларусі не асуджаюць на сьмяротнае пакараньне. Нікому зь ейных «супольнікаў» таксама не далі «найвышэйшую меру».
Яна ўспамінае, што падчас прысуду фігуранты справы пляскалі ў далоні судзьдзю Максіму Філатаву, які разглядаў іхную справу.
Вэтэрана афганскай вайны і грамадзкага актывіста Мікалая Аўтуховіча судзілі паводле 10 крымінальных артыкулаў і далі 25 гадоў пазбаўленьня волі.
«Я б не дасядзела з маім станам здароўя. Я б яшчэ год-два працягнула. У мяне няма здароўя. Яно было слабое, а пасьля гэтых катаваньняў дык зусім», — кажа пэнсіянэрка.
У Галіны ў зьняволеньні, зь яе словаў, павялічылася пячонка ад кепскіх лекаў, зьявіліся праблемы з хрыбетнікам, з падстраўнікавай залозай. Яна спадзявалася, што яе выпусьцяць раней за канец тэрміну, магчыма, як грамадзянку Польшчы.
Калі б ня выпусьцілі, яна разважала, як самастойна скончыць жыцьцё. Адным з варыянтаў было перастаць прымаць неабходныя для жыцьця лекі. Галіна дапускала, што можа памерці ў турме.
Акрамя зьняволеньня, яна мусіла заплаціць каля 30 тысяч рублёў штрафу і «кампэнсацыі матэрыяльнай і маральнай шкоды» сілавікам, якім фігуранты справы нібыта пашкодзілі маёмасьць. Галіна кажа, што ўжо выплаціла ўсю суму.
«Падайце беднай палітычнай на хлеб»
Адбываць тэрмін Галіну накіравалі ў жаночую калёнію № 4 у Гомлі. Яна як пэнсіянэрка там не павінна была працаваць. Толькі падчас дзяжурстваў прыбірала памяшканьні. У іншым, кажа яна, за кратамі на ўзрост не зьвяртаюць увагі.
«У турме сяброў няма. Ты можаш некага прыкарміць, а ён усё адно цябе здасьць. „Жоўтыя“ (палітвязьні, тыя, хто стаіць на „прафіляктычным уліку“ і носіць жоўтую бірку. — РС) многія пераабуліся і маглі здаць „жоўтых“, даносілі», — адзначае яна.
Людзі вакол яе сталі найбольшым выпрабаваньнем для яе ў калёніі, прызнаецца яна. Найгоршае — калі іншыя зьняволеныя пісалі рапарты на яе за выдуманыя парушэньні. У выніку Дзербыш пазбаўлялі спатканьняў з роднымі. За некалькі гадоў у калёніі ёй дазволілі толькі два спатканьні.
Галіна Дзербыш успамінае, што ў яе пастаянна кралі прадукты. Жанчыны там, зь ейных словаў, заўсёды хадзілі напаўгалодныя. Яна навучылася хаваць сваё ў скрынях, укладзеных адна ў адну.
Але і гэта не заўсёды дапамагала. Калі родныя перадавалі ёй пернікі, яна рабіла торт: ламала пернікі на кавалкі і залівала іх ражанкай з турэмнай крамы. Укладвала пластамі, ела лыжкай.
Пэнсіянэрка кажа, што яе тройчы аблілі кіпнем — нібыта выпадкова. Але яна перакананая, што гэта рабілі спэцыяльна, на замову адміністрацыі.
Адказаць на гэта яна не магла, бо яе накіравалі б у штрафны ізалятар.
Каб абараніць сябе, яна навучылася троліць і супрацоўнікаў, і іншых зьняволеных з своеасаблівым гумарам.
«Ты сем гадоў атрымала, ты аднаго „заваліла“. Уяві, я дваццаць атрымала, я траіх „завалю“, ты першая будзеш», — кажа суразмоўца, як абыгрывала свой тэрмін зьняволеньня ў размове з тымі, хто ёй дакучаў.
Аднойчы Галіна прыгразіла тым зьняволеным, якія да яе чапляліся, што як выйдзе на волю, сустрэнецца зь Сьвятланай Алексіевіч і раскажа ёй пра іх, назаве імёны, а тая напіша кнігу, а потым іхныя дзеці і ўнукі будуць гэта чытаць. Аднак, дадае, ня ўсе ведалі, хто такая Алексіевіч.
Цяпер былая палітзьняволеная ў разгубленасьці. Яна ня ведае, як жыць далей.
«Я ня думала, што мяне вышлюць. А цяпер ня ведаю, што рабіць. Пайду міласьціну прасіць. Шыльду напішу: „Палітзьняволеная зь Беларусі, якую выкінулі. Усё жыцьцё адпрацавала. Падайце беднай палітычнай на хлеб“. Я ня ведаю. Трэба ж неяк жыць. Туды вярнуся — зноў пасадзяць», — разважае яна.
Пэнсіянэрка плянуе шукаць за мяжой працу. Таксама яна хацела б прайсьці мэдычнае абсьледаваньне і паправіць здароўе.
Читайте еще
Избранное