Общество

Ініцыятыва MALDZIS выкупіла 30 літаграфій Напалеона Орды

Ініцыятыва MALDZIS выкупіла 30 літаграфій мастака і кампазітара Напалеона Орды. Калекцыя набытая на польскім аўкцыёне на сродкі беларускіх ахвярадаўцаў.

Кіраўнік ініцыятывы MALDZIS Павел Мацукевіч і апякун ініцыятывы Рыгор Астапеня. Тут і далей фотаздымкі Аліны Мазавец

19 з 30 набытых літаграфій прысвечаныя краявідам і архітэктурным помнікам у межах сучаснай Беларусі, астатнія – адносяцца да сучасных Літвы, Украіны і Польшчы. Калекцыя ўтрымлівае выявы замкаў, палацаў, касцёлаў і сядзібаў у такіх гарадах і вёсках Беларусі, як Шаўры, Ліда, Крэва, Геранёны, Гейстуны, Дзевятня, Жамыслаўль, Нясвіж, Мір, Наваградак, Грушаўка, Смольгаў, Лагойск, Бялынічы, Гомель, Асвея, Камянец, Скокі, Высокае.

Гэтыя літаграфіі былі створаныя ў Варшаве Алаізам Місуровічам у майстэрні Максімільяна Фаянса ў 1870-я гады паводле малюнкаў Напалеона Орды і з ягонымі арыгінальнымі подпісамі. Літаграфіі былі надрукаваныя ў альбоме гістарычных відаў Рэчы Паспалітай («Album Widokόw Historycznych Polski poświęcony Rodakom zrysowany z natury przez Napoleona Ordę»). Выданне альбома фінансаваў сам Напалеон Орда.

Усяго з 1873-га да 1883-га года выйшла з друку 8 серый гэтага альбома з 260 літаграфіямі агульным накладам звыш 1000 асобнікаў. Каля паловы арыгінальных малюнкаў, з якіх былі вырабленыя гэтыя 260 літаграфій, лічацца страчанымі.

— Літаграфіі Орды захоўваюць наглядныя сведчанні нашай бліскучай і адначасова шматпакутнай гісторыі, — кажа кіраўнік ініцыятывы MALDZIS Павел Мацукевіч. — Дзякуючы ім мы маем уяўленне, як у другой палове XIX стагоддзя выглядалі палацы і сядзібы, большасці з якіх у наступным стагоддзі было наканавана знікнуць.

Літаграфіі Напалеона Орды былі набытыя на польскім аўкцыёне на сродкі беларускіх ахвярадаўцаў: Паўла Царова, Ганны Краўчанкі, Ягора Яцука, Дар’і Сліж, Андрэя Грабоўскага, Юрыя К. і мецэнаткі, якая пажадала застацца непублічнай.

У будучыні калекцыя будзе перададзеная ў якасці грамадскага падарунка ў музей Напалеона Орды, што месціцца ў адноўленай радавой сядзібе мастака ў Варацэвічах.

Да вяртання ў Беларусь літаграфіі будуць выстаўляцца падчас адмысловых мерапрыемстваў за мяжой.

Беларускую частку калекцыі (19 літаграфій) можна будзе пабачыць на выставе MALDZIS «Беларусь Напалеона Орды», якая пройдзе ў Варшаве ў Музеі Вольнай Беларусі з 28-га лютага да 8-га сакавіка 2026-га года.

— Напалеон Орда зрабіў для нас візуальную памяць нашай краіны. Ягоныя працы даюць нам не толькі доказы велічы ўласнай гісторыі і вельмі багатай архітэктурнай спадчыны, але таксама і магчымасці для яе аднаўлення. Як мінімум у грамадскай свядомасці, — адзначае апякун ініцыятывы MALDZIS Рыгор Астапеня.

Літаграфіі Орды ёсць у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, Нацыянальным мастацкім музеі і іншых месцах, але ягоных арыгінальных малюнкаў, з якіх рабілася тыражная графіка (у тым ліку набытая MALDZIS), у нашай краіне няма. Існыя арыгіналы захоўваюцца ў музеях Кракава, Варшавы, а таксама ў адной з бібліятэк Львова.

У музеі Орды ў Варацэвічах ёсць толькі адна арыгінальная літаграфія мастака.

Лёс Напалеона Орды і ягоная спадчына яднаюць Беларусь са шматлікімі краінамі Еўропы і перш за ўсё з Польшчай, Літвой, Францыяй і Украінай.