Навумчык: «З сумам даводзіцца прызнаць, што Амэрыка ўжо не зьяўляецца абаронцай дабра, свабоды, правоў чалавека»

Палітычны аглядальнік Сяргей Навумчык — пра тое, у чым хаваецца добрая навіна для Украіны пасярод суцэльнага змроку.

— Паўтор Трампам фразы «У вас няма козыраў!» у бок Украіны нараджае аналёгію са сцэнкай у цёмным завулку, — піша Сяргей Навумчык. — Калі слабога, безабароннага чалавека да сьмерці зьбівае бандыт, а мажны волат побач ня ўмешваецца і цынічна заяўляе: «Табе няма чым адказаць!».

Сяргей Навумчык

Аналёгія будзе няпоўнай, калі не дадаць, што ў свой час ахвяра мусіла аддаць бандыту сродак абароны менавіта пад ціскам гэтага волату, паверыўшы ягоным абяцаньням (гэта я пра ядзерную зброю, выведзеную з Украіны ў Расею пад ціскам ЗША, калі нехта не зразумеў).

З сумам даводзіцца прызнаць, што Амэрыка ўжо не зьяўляецца абаронцай дабра, свабоды, правоў чалавека, гуманістычных каштоўнасьцяў.

Здаецца, усё тое, што два з паловай стагодзьдзі назапашвалася з моманту прыняцьця Дэклярацыі Незалежнасьці, Канстытуцыі ЗША і Білю аб правах — выкінута ў сьметніцу.

Белы дом ператварыўся ў месца, дзе гандлююцца і робяць «зьдзелкі», і вырашальным ёсьць не ідэалы, а — грошы. Як у лаўцы, розьніца хіба ў маштабах.

На шчасьце — выкінута ня ўсё. Канстытуцыя ЗША хаця і знаходзіцца пад ударамі, але пакуль ня зьнішчаная. А па ёй крыніцай улады зьяўляецца народ, якому гарантуюцца свабодныя і справядлівыя выбары. З улікам кожнага голасу.

І тут для Ўкраіны добрыя навіны. Пры ўсіх сваіх сымпатыях да Пуціна, якія Трамп неаднаразова дэкляраваў, і пры ўсім жаданьні атачэньня амэрыканскага прэзыдэнта гандляваць з імпэрскай Расеяй — Белы дом практычна вычарпаў магчымасьці дзейснай дапамогі гаспадару Крамля.

Трамп патрапіў у капкан, які сам паставіў, калі адмовіў Украіне ў бязвыплатнай дапамозе зброяй і перавёў працэс на камэрцыйныя рэйкі (цяпер амэрыканскую зброю для Ўкраіны выкупляе Эўропа).

Гандлярская псыхалёгія лавачніка пераважыла гуманізм. Як віцяблянін, не магу ўстрымацца ад легенды: калі Марку Шагалу ўказалі на памылку ў шыльдзе «Лафка» на адным зь віцебскіх сюжэтаў, вялікі мастак адказаў: «Не вучыце мяне за Віцебск — я ў ім нарадзіўся і лепш за вас ведаю, як там могуць напісаць!».

І вось цяпер Трамп утыкнуўся ва ўласную памылку. Сёньня Эўропа цалкам аплочвае амэрыканскую зброю, чым гаспадар Белага дому яшчэ ўчора хваліўся. Пастаўка Кіеву дадзеных амэрыканскай выведкі — адзінае, што перашкаджае Зяленскаму паслаць Трампа ўсьлед за рускім караблём.

Паводле сацыялягічных апытаньняў, каля 60% амэрыканцаў лічаць, што ЗША павінна падтрымліваць Украіну. У пачатку года Трамп мог казаць, што бязвыплатная дапамога празьмерна дорага абыходзіцца Амэрыцы, адмоўна ўплывае на інфляцыю, на сацыяльныя праграмы і г.д.

І з улікам, што міжнародныя пытаньні амэрыканцаў (зрэшты, як і насельніцтва кожнай краіны) цікавяць менш, чым унутраныя праблемы, такі аргумэнт меў шанец быць успрыняты.

Сёньня, пасьля камэрцыялізацыі дапамогі — не. Уласна, гэта ўжо нельга назваць дапамогай, гэта проста гандаль, як у лаўцы: я табе тавар, а ты мне — грошы.

Здымкі зруйнаваных расейскімі ракетамі ўкраінскіх гарадоў не сыходзяць што з FOX, што з CNN, прыхільнікі як рэспубліканцаў, гэтак і дэмакратаў адзіныя ў асуджэньні Пуціна.

Таму спыненьне продажу зброі альбо перадачы Кіеву дадзеных выведкі будзе адназначна ўспрынятае гэтымі 60% як наўпроставая падтрымка агрэсара.

Так, адкрыты пераход Белага дому на бок Пуціна можа адабраць у рэспубліканцаў, чые прадстаўнікі цяпер у Белым доме, значна менш галасоў, чым інфляцыя, рост коштаў на прадукты ці мэдычныя страхоўкі. Але частку галасоў — адбярэ абавязкова.

Як мы бачым, у больш як 300-мільённай Амэрыцы вынік прэзыдэнцкіх выбараў часам вызначаецца некалькімі тысячамі галасоў, вынікі выбараў у Кангрэс — некалькімі сотнямі, здараецца, нават дзясяткамі.

«Прамежкавыя» выбары, фактычны старт якіх адбудзецца неўзабаве пасьля калядных канікулаў, ня будуць выключэньнем. І цяперашні невысокі рэйтынг рэспубліканцаў не дазваляе рызыкаваць нават нязначнай колькасьцю галасоў.

«Лафка» зрабілася капканам, які ўтрымлівае ад канчатковага скоку ў абдымкі Пуціна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)