Рада БНР патрабуе неадкладнага вываду расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі

У кантэксьце падрыхтоўкі міжнароднай дамовы па Ўкраіне Рада БНР выступіла з заявай, у якой патрабуе неадкладнага вываду расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі — «трывалы мір у рэгіёне немагчымы без гарантыяў незалежнасьці Беларусі».

— З самага пачатку паўнамаштабнай вайны Масквы супраць Кіеву Рада БНР выказала сваю падтрымку ўкраінскаму народу ў змаганьні з агульным ворагам — імпэрскай Расеі — і асудзіла ўдзел нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі ў агрэсіі, — гаворыцца ў заяве. — Гэтая пазыцыя заставалася нязьменнай усе гады, цягам якіх за свабоду Ўкраіны змагаліся ў тым ліку і беларускія добраахвотнікі.

У кантэксьце цяперашняй падрыхтоўкі міжнароднай дамовы Рада БНР вітае крокі да ўсталяваньня міру, якія не супярэчаць прынцыпам міжнароднага права і сувэрэнітэту Ўкраіны.

Пры гэтым Рада БНР зьвяртае ўвагу:

Сапраўдны, трывалы мір у рэгіёне немагчымы без гарантыяў незалежнасьці Беларусі, аднаўленьня ў ёй канстытуцыйных нормаў і правядзеньня свабодных выбараў.

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выступае за неадкладны вывад расейскіх войскаў (у тым ліку і ядзернай зброі) з тэрыторыі Беларусі і лічыць неабходным зафіксаваць гэта ў міжнароднай дамове, — адзначаецца ў заяве.

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(12)