Культурны працэс

Ганна Ваніслаўская

Сяргей Календа: «Ніколі не пажадаю сваім дзецям трапіць у краіну, дзе яны нічога не змогуць»

Пісьменнік і цырульнік Сяргей Календа у інтэрв’ю «Салідарнасці» распавёў пра эміграцыю, сіндром адкладзенага жыцця і свае ўлюбёныя справы.  

Сяргей Календа з сынам Томасам. Усе здымкі: асабісты архіў Сяргея Календы

Сяргей, як вы прадстаўляецеся чалавеку, які вас не ведае: пісьменнікам ці цырульнікам?

— Па-рознаму. Частка людзей прыходзіць да мяне па паслугі цырульніцкія, частка ведае як літаратара. Ёсць стасункі, калі людзі могуць і абмяркоўваць кнігі са мной, і стрыгчыся. Мне калісьці спадабалася, калі на «Радыё Свабода», здаецца, напісалі фразу «стыліст-пісьменнік». Падумаў, што добра пасуе — дзве мае галоўныя справы ў жыцці.

— У вашым Інстаграме пазначана, што вы вучыліся цырульніцкаму мастацтву ў Лондане, Венецыі, Празе і Рызе, а як літаратар — у Германіі, Швецыі, Латвіі, Літве і Чэхіі.

— Так, гэта адны з маіх галоўных стыпендыяльных праграм.

— Ці можна навучыцца пісаць кнігі? Ці ўсё ж такі з гэтым талентам чалавек нараджаецца?

— Складанае пытанне. Яно такое ж вечнае ў літаратуры, як і жыццё. Ёсць класныя кнігі, якія пішуць пісьменнікі, якія мэтанакіравана вучыліся літаратурнаму пісьму. А ёсць пісьменнікі-самавучкі, якія цудоўна пішуць, маюць пачуццё мовы.

У мяне зараз пачалася літаратурная праграма — і мне здаецца, я больш нічога ізноў не ведаю, не ўмею. Жыццё паказвае, што недастаткова мець жаданне пісаць, але і вялікі стос працы за гэтым павінен стаяць.

Пасля таго як выйшла ваша кніга Стрыжэ і піша, заснаваная на рэальных гісторыях жыцця, ці не перасталі вашы кліенты і кліенткі ў цырульні давяраць вам свае таямніцы, распавядаць пра сябе асабістае?

— Не, збольшага з'явіліся жарты сярод кліентаў кшталту: «Слухай, я прачытаў апавяданне, ты ж так не зробіш?». Я кажу: «Не, гэта ж літаратура». То бок наадварот, ёсць кліенты, якія могуць збіраць наўмысна нейкія гісторыі, каб распавесці.

Сама кніга таксама складаецца не толькі з майго асабістага вопыту, але і з гісторый іншых майстроў-цырульнікаў, з аповядаў людзей, якія чулі нейкую гісторыю. Гэта такое радыё, якое штосьці транслюе на розных сваіх хвалях, і ты іх проста круціш, штосьці знаходзіш для сябе, занатоўваеш.

Калі я пераехаў у Вільню, змянілася асяроддзе, іншыя гісторыі з'яўляюцца. Але кожны раз, з'язджаючы ў іншую краіну, ты ўсё роўна знаходзіш тое атачэнне, якое табе патрэбнае. І яно часта нічым не адрозніваецца ад папярэдняга.

Ёсць тыя людзі, якія выказваліся: «Пасля такой кнігі я б не пайшоў там да вас стрыгчыся». Я кажу: «Ну і добра, значыць мы не пасуем адно аднаму». Я выдаў кнігу не дзеля таго, каб з чагосьці пакпіць. Я назбіраў па шчырасці тое, што рэальна можа адбывацца ў гэтым жыцці, у прафесіі.

— Ці адрозніваюцца кошты на паслугі у мінскіх і віленскіх цырульнях?

— Ва ўсім свеце ўсё аднолькава. Ёсць сегменты салонаў дарагіх, сярэдняга класу і танныя. Можна за пяць долараў дзе заўгодна пастрыгчыся ў падвале, а можна ў гатэлі ў спа-цэнтры за 50 еўра.

Дзесьці, напрыклад, будзе 10% VIP-салонаў дарагіх, а ў іншым буйным горадзе такіх салонаў будзе 50% ад агульнай колькасці. Усё залежыць ад колькасці кліентаў, якія здольныя плаціць за такія паслугі.

У гэтай прафесіі майстар сам абірае, куды яму рухацца. Хтосьці можа з залатымі рукамі застацца на ўзроўні пяць еўра за стрыжку. І ён будзе пакутаваць — па-першае ад кліентаў, бо іх будзе шмат, па-другое — як паказвае практыка, чым танней стрыжка, тым больш у цябе будзе з'яўляцца незадаволеных кліентаў.

Але самае важнае, што я заўважыў — ёсць сегменты кліентаў, якіх можна структураваць па адпаведных паводзінах, культурных зносінах, працах, поглядах, субкультурах і гэтак далей. І на кожнага з іх знойдзецца адпаведны майстар. Напрыклад, той, які будзе працаваць толькі з людзьмі, якім патрэбен камфорт у жыцці. Яны прыходзяць, каб атрымаць не толькі стрыжку і мыццё галавы, але і масаж галавы падчас мыцця альбо нейкую дадатковую паслугу. Але гэта ўсё павольна, спакойна.

Ёсць, напрыклад, «бізнес-кліент», з якім трэба быць вельмі акуратным, далікатным і хуткім, асабліва з такімі кліентамі не гутараць.

Больш за ўсё я люблю кліентаў, якія называюцца «трэндсэтары» (trendsetter — чалавек, брэнд або супольнасць, якія першымі ўкараняюць, папулярызуюць і фармуюць новыя тэндэнцыі ў модзе, тэхналогіях, стылі жыцця або культуры, — С.). З імі можна прыдумляць штосьці новае. 70-80% працы цырульніка — гэта тое, што ён кожны дзень робіць.

З трэндсэтарам ты пачынаеш узгадваць, што ў цябе таксама ёсць месца на працы для мастацтва, для выбуху чагосьці новага, цікавага. І з імі ты адкрываеш нейкія новыя межы ў гэтым бязмежжы творчасці.

Ёсць кліенты, якіх я называю «бія-кліенты». Для іх самае галоўнае — гэта хімічны складнік фарбы, стайлінга, шампуняў. Гэта людзі, якія імкнуцца прыбраць як мага больш кепскага ў сваім жыцці, пачынаючы з таго, што яны ўжываюць.

— Вернемся да вашай другой справы жыцця літаратуры. Ваш сын Томас стаў галоўным героем кнігі для дзяцей, якую вы напісалі. Распавядзіце, калі ласка, як гэта адбылося. І што адчуваў ваш сын, калі выходзілі кнігі пра яго?

— У мяне з'явіўся «дзіцячы» перыяд у жыцці, як ва ўсіх бацькоў. Кожны дзень я чытаў дзіцячыя кніжкі. За першы год жыцця сына ў мяне назапасілася некалькі дзясяткаў кніг — Андэрсан, браты Грым... Зразумела, што я гэта фільтраваў, бо калекцыя братоў Грым была без цэнзуры ў першых выданнях, і зразумела, не ўсё можна прачытаць дзіцёнку. Калі пачаў адкрываць для сябе больш падрабязна свет дзіцячых кніг, зразумеў, што мяне гэта вельмі моцна зацягвае і ўражвае. Мы кожны вечар чытаем. А дзевятай вечара пачынаецца — і ўсё, і панеслася.

Чытаю сыну адаптаваную кнігу — «Дон Кіхота». Калі вучыўся ва ўніверсітэце, для мяне ён быў рыцар сумнага вобразу. А цяпер я па-іншаму на яго гляджу і разумею, наколькі ён усё ж такі хоць і недарэка, але вельмі моцна адлюстроўвае чалавечае жыццё. Вось гэтыя спробы змагацца і быць рыцарам там, дзе табе не вераць і лічаць вар'ятам.

…Мы з Томасам прыдумалі некалькі казак. Аднойчы ўвечары сын мне кажа: «Мы з табой прыдумалі новую казку, давай яе запішам».

Я кажу: «Ну добра, можна зрабіць кнігу казак». Ён на мяне глядзіць і кажа: «Але трэба, каб яна добра прадавалася». І я зразумеў, наколькі ў нас розныя пакаленні. Маё пакаленне расло рамантыкамі: напісаць кніжку — выказаць свае эмоцыі, думкі. А тут падыход просты і прагматычны: пісаць будзем так, каб яна прадавалася.

Першая гісторыя ў кнізе Хлопчык Томчык з'явілася пасля адпачынку ў Егіпце, калі Томас пастаянна плакаў. Мы прыдумалі гісторыю, у якой плакала ўсё на свеце: і мора, і пустыня, і афіцыянты. Томас кажа: «І валізы плакалі». — «Так, і валізы плакалі». У такім узросце дастаткова за дзіцёнкам назіраць, каб ствараць кнігі дзіцячыя.

Томас сталеў — з'явілася другая кніга, з больш дарослымі гісторыямі. Цяпер яму шэсць, і ў мяне ўжо гатовая апошняя трэцяя кніга — «Хлапчанё Том». Пачатак школы — мяжа, калі дзіцёнку становіцца няёмка распавядаць, што пра яго выйшлі кніжкі.

Першую кніжку сын у садочку усім паказваў, насіў з сабой, распавядаў. Калі выйшла другая кніжка, мяне запрасілі распавесці пра сваю прафесію, і я прыйшоў у школу да сына, не папярэдзіўшы, што вазьму кнігу. Я заходжу, ён на мяне глядзіць: «О-о... О не...»

І вось усё, я ўжо разумею, што прэзентацыі трэцяй кнігі пра Томаса я не зраблю ў ягоным класе. Сканчваецца перыяд, калі гэта было весела і цікава. То бок ён будзе рады, калі кніга выйдзе, але не захоча яе нікому паказваць.

Сын пытаўся, як прадаецца кніга?

— Некалькі разоў Томас за ўвесь гэты час пытаўся: «Як прадаецца?» Я кажу: «Нармальна». — «А колькі?»

Разумею, што стане дарослым, можа сказаць: «Так, тата, а дзе мае працэнты?» Адкажу яму, што аформіў на яго спадчыну.

Сяргей, распавядзіце гісторыю вашага ад'езду з Беларусі ў Вільню. Калі вы ўвогуле зразумелі, што заставацца больш не можаце ці не хочаце?

— З 2018 года складвалася так, што мы з жонкай шмат падарожнічалі і думалі пра тое, дзе хацелі б жыць.

2020 год падштурхнуў нас да таго, каб мы пачалі больш дзейнічаць у гэтым накірунку. Калі пачаліся пратэсты, мы захацелі застацца — удзельнічаць, назіраць, што адбываецца, не з'язджаць. Ну а потым, ведаеце, глядзіш на дзяцей, на сваю сям'ю і разумееш, што табе хочацца іншага жыцця. Больш спакойнага.

24-га лютага падштурхнула нас да ад’езду. Мы не з'язджалі з думкамі, што пакідаем Беларусь назаўжды. Вырашылі паехаць паглядзець. Сустрэліся з сябрамі, якіх не бачылі ўжо даўно.

Цяпер наш старэйшы сын вучыцца ў сёмым класе гімназіі Скарыны. У яго сваё атачэнне, футбольная каманда, сябры. Томас там сканчвае нулявы клас. Наша жыццё тут прарастае каранямі ўсё глыбей і глыбей. І я бачу тут сябе таксама.

Успамінаю сябе падлеткам у сярэдзіне 90-х — не было магчымасці ні на падарожжа, ні на што. У нас была бедная сям'я, бацька на заводзе працаваў.

Калі мне было 12 год, праз пратэстанцкую царкву, у якую хадзілі бацькі, а я наведваў нядзельную школу, мяне адправілі летам на цэлы месяц у Шатландыю. Калі я вярнуўся, у мяне моцна змяніўся светапогляд. Я зразумеў, што мне недастаткова Мінска і Беларусі.

Тады я вучыўся ў школе з паглыбленым вывучэннем англійскай мовы і марыў патрапіць у Лондан. Такая магчымасць з’явілася праз некалькі год, калі пасля ўдзелу ў цырульніцкім конкурсе мяне запрасілі ў Лондан на працу ў франшызу Toni&Guy. Пасля я шмат падарожнічаў, жыў у розных краінах.

Для мяне свабода і магчымасць быць там, дзе я хачу, вельмі важная. Я не магу застацца ў краіне, якая пад санкцыямі і за жалезнай заслонай.

Таму я вельмі рады, што магу адкрыць зараз сайт, набыць квіток у Нідэрланды і паляцець. Гэта вельмі важнае такое адчуванне жыцця і напоўненасці жыцця. Я ніколі не пажадаю сваім дзецям трапіць у краіну, дзе яны нічога не змогуць. Будуць раніцай прачынацца, ісці ў школу, пець гімн, атрымліваць урокі ідэалогіі. Ніводная дыктатарская краіна не прымае, калі людзі шмат разважаюць і зашмат разумныя.

Як увогуле на вас эміграцыя паўплывала? Ці не было ў вас «сіндрому адкладзенага жыцця», калі ты не набываеш рэчы, таму што думаеш, што неўзабаве вернешся дадому?

— Даўно да гэтага крытычна стаўлюся. Гэта ідыятызм. Сыркі ці згушчонка не тая — ідзе гэта ўсё да сракі. Тут ёсць іншыя рэчы нашмат смачнейшыя і цікавейшыя. А сумаваць па радзіме можна па-рознаму. Можна чакаць вяртання, а можна жыць сваё адзінае жыццё. І ў гэтым плане я нашмат прасцей, аптымістычней гляджу на эміграцыю. Можа быць, праз тое, што я шмат дзе пажыў.

Чаго мне не хапае — гэта з'ездзіць да мамы на могілкі. Я згубіў на радзіме надзел зямлі, на якім хацеў будаваць лецішча. Але адначасова я разумею, што калі буду за гэта пастаянна чапляцца думкамі, то я не буду жыць. У мяне сапраўды будзе адкладацца жыццё. А гэта зрабіць я не магу, бо ў мяне ёсць сям’я, сабака. І што мне куды адкладаць? Я хутчэй буду прыглядацца і развіваць жыццё тут.

Калі мы толькі прыехалі — гэта звычайнае для кожнага чалавека неразуменне абставінаў, дзе што знаходзіцца. Але з часам ты кожны дзень пазнаеш штосьці новае. Ты заходзіш на новую вуліцу, адкрываеш яе для сябе.

Тое самае можна рабіць і ў Мінску. Можна падумаць, як быццам кожны з нас, хто з'ехаў са свайго горада ў Беларусі, ведае яго як свае пяць пальцаў. Не. Для цябе такі ж незнаёмы твой родны горад, дзе ты нарадзіўся, як і незнаёмая Вільня. Бо ты не можаш цалкам спазнаць ніводзін горад, ніводную прастору. І трэба жыць тым жыццём, якое ёсць тут і цяпер.

Я больш за ўсё хачу ведаць, што ў маёй сям'і адбываецца, а не біяграфію і жыццё Трампа. Вельмі шмат у прасторы шуму, які замінае табе прыслухацца да сваіх думак і жаданняў. Адкладаць грошы альбо планы на будучыню — гэта марнае жыццё.

Нядаўна раптоўна памёр Раман Цымбераў, малады выдавец. Нічога не прадвяшчала. Мы з ім бачыліся некалькі тыдняў таму...

Так што жыць, адкладаючы жыццё, — гэта вельмі неразумна.

— Вы не так даўно пісалі ў Facebook пранікнёны пост, поўны адчаю, дзе казалі, што ў вас вялікае расчараванне літаратурай, бо вы прайшлі праз хейт, не адчувалі ніякай падтрымкі, і таму не маеце жадання займацца той справай, ад якой фанацелі. А цяпер вы шукаеце карэктара для сваёй новай кнігі. Што дае вам сілы і натхненне працягваць? І хто ў ваш талент верыў і працягвае верыць?

— Гэта я напісаў яшчэ перад Новым годам, каб закрыць тое, што мяне турбуе. Часам я такое практыкую — пагутарыць з кімсьці, не толькі з самім сабой. Я атрымаў вельмі моцную падтрымку. ПЭН-цэнтр мяне падтрымлівае. Мне напісалі асабіста і пісьменнікі, і выдаўцы. Некалькі лістоў атрымаў ад чытачоў з Амерыкі і Канады. «Ты зусім здурэў, нам усё падабаецца, пішы далей» — такі быў пасыл. І я адчуў у сабе моц, каб працягваць далей.

Калі вы знаходзіце час на літаратуру? Праца, сям'я, жыццё ў эміграцыі — гэта шмат высілкаў патрабуе.

— Пакуль не з'явілася сям'і, я працаваў так: кожны дзень пісаў пяць старонак. Потым забываўся на іх. Праз месяц-два знаходзіў тэкст, рэдагаваў. У мяне была наладжаная праца — штогод выходзіла кніжка альбо было шмат публікацый у розных часопісах. А калі з'явілася сям'я, часу на творчасць паменела, і я пачаў яго знаходзіць у такіх прамежках, дзе ў мяне ёсць гадзінка-дзве на дзень штосьці напісаць ці пачытаць. Ідэальны час — сёмая-восьмая гадзіна раніцы і да дванаццаці.

— Сяргей, што робіць вас шчаслівым?

—  Простыя рэчы. Нядаўна з'ездзіў з Томасам у Берлін. Шчаслівы я быў,  калі набыў бутэльку халоднага піва. То бок я не магу сказаць, што радуюся закатам. Я радуюся таму, што, бывае, за дзень штосьці адбываецца прыкольнае. Можа парадаваць кліент, які прыйдзе і распавядзе, што адбылося ў яго за месяц, пакуль не бачыліся. Я потым тыдзень магу радавацца гэтай гісторыі. Вось так адбываецца.

Замовіць кнігі Сяргея Календы можна тут:

«Хлопчык Томчык»

https://gutenbergpublisher.eu/shop/chlopcyk-tomcyk/

«Хлопец Томас»

https://gutenbergpublisher.eu/shop/tomas/

«Стрыжэ і піша»

https://gutenbergpublisher.eu/shop/stryze-i-pisa/

Некаторыя кнігі можна слухаць:

«Мімікрыя»

https://kamunikat.org/mimikryya-batskel-alyaksandar-i-post-59681

«Падарожжа на край ложка»

https://kamunikat.org/padarozhzha-na-kray-lozhka-kalenda-syargey

«Часам панкі паміраюць»

https://kamunikat.org/chasam-panki-pamirayuts-kalenda-syargey-post-64044

«Балтыйскія шкарпэткі» можна слухаць у прыкладанні «Кніжны Воз», тут спасылка на pdf:

https://kamunikat.org/baltyyskiya-shkarpetki-kalenda-syargey

Замовіць кнігі і часопіс можна праз Patreon:

https://www.patreon.com/posts/pan-proza-142665351